vak: (Default)
[personal profile] vak
(https://www.facebook.com/anton.trafimovich/posts/10220049076330635, перепощу к себе для сохранности)

Гістарычны інтэнсіў. Чаму мы навучыліся за 100 дзён рэвалюцыі
  • мы ведаем, што такое сапраўдны пратэст. На вока мы можам адрозніць 10 тысяч чалавек ад 100 тысяч, а 100 тысяч ад 200 тысяч. Мітынг, марш, калона, счэпка, акружэнне, ланцуг – ва ўсім гэтым мы разбіраемся. Як і ў тым, у які момант трэба выходзіць на праспект, а ў які даваць дзёру ў двары.
  • мы ведаем, як расстрэльваюць натоўп. Ведаем, што гумовая куля – гэта не страйкбол, ёй можна забіць. А светлашумавая граната можа адарваць кавалак нагі.
  • мы ведаем, што такое «ахвяра сярод мірных жыхароў». Гэта можа быць забіты агнястрэлам у галаву, расстраляны гумовымі кулямі зблізку альбо збіты да стану комы, з якой так і не выйшаў.
  • мы ведаем, што такое вулічныя баі. З двухметровымі барыкадамі на скрыжаваннях, з камянямі, феерверкамі і кактэйлямі Молатава. Гэта вельмі страшна, і мы гэта ведаем.
  • мы ведаем, якіх колераў можа быць гематома, праз колькі зацякаюць рукі, калі трымаць іх увесь час над сабой, што будзе з тваім целам, калі ты зробіш 400 прысяданняў.
  • мы ведаем, што адчувалі нашы бабулі і прабабулі ў 1937-м. Калі да цябе дахаты могуць прыйсці ў любы момант, калі штодня варанкі прыязджаюць па тваіх сяброў і калег. Калі ты выглядаеш у вочка перад выхадам з кватэры і праз вакенца дзвярэй перад выхадам з пад’езду. Калі ты ведаеш, пра што не варта гаварыць па тэлефоне і ўвесь выдаляеш перапіску з сябрамі ў тэлеграме.
  • мы ведаем, што такое ваеннае становішча, калі па пустых праспектах ездзяць БТРы, джыпы з кулямётчыкамі і бясконцыя калейкі вайсковых МАЗаў і аўтазакаў. З аднаго погляду мы адрозніваем АМАП, Алмаз, унутраныя войскі, сілы спецыяльных аперацый і шараговых вайскоўцаў. Ціхара мы адчуваем сваім нутром за кіламетр.
  • мы ведаем, што адчувалі габрэі, якіх беларусы хавалі падчас Халакосту. І што адчувалі габрэі, якіх штабелем везлі ў грузавых машынах.
  • мы ведаем, што такое мясцовая супольнасць. Што твой сусед – гэта твой аднадумца і сябра, твой двор – гэта твая ўласнасць і твая крэпасць, а не тэрыторыя, якую абслугоўвае ЖЭС.
  • мы ведаем, як гэта, працаваць на дзяржаву і не выканаць загад. Як працаваць на заводзе, і сысці ў страйк. Мы можам выгаварыць слова «штрэйкбрэкер», і ведаем, што гэтым словам нікога не запужаць.
  • мы ведаем, што такое нацыянальная годнасць і нацыянальны гонар. І чым адрознівацца нацыя ад натоўпу людзей, аб’яднаных падобнымі сацыяльнымі патрэбамі.
  • мы ведаем нумары артыкулаў крымінальнага кодэксу і кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях. Мы ведаем што адзіны артыкул з Канстытуцыі, які не парушаўся за апошнія 100 дзён, гэта артыкул 20 (Сталіца Рэспублікі Беларусь - горад Мінск). Мы ведаем на памяць адрасы СІЗА.
  • мы ведаем, як шыць, як вершаваць, як маляваць і як пісаць лісты ад рукі.
  • мы ведаем, што нас ведаюць, што нас бясконца гугляць, за нас пераймаюцца і намі захапляюцца.
  • мы ведаем, што ўсё гэта – досвед і гартаванне, а не навала і не турботы.
Іншыя народы здабывалі гэтыя веды цягам стагоддзя. Мы ўвесь гэты час пракасцініравалі, а таму даводзіцца праходзіць курс інтэнсіўнай гісторыі.